БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́

(БНГ),

грамадска-палітычная культ.-асв. і дабрачынная арг-цыя ў 1917—18. Засн. 9.5.1917 у Маскве. Узначальвалі Я.І.Васілевіч, А.І.Цвікевіч, Ф.Ф.Турук і інш. Налічвала больш за 1 тыс. членаў, пераважна бежанцаў-беларусаў 1-й сусв. вайны. Мела аддзелы ў Калузе, Саратаве, Сестрарэцку, Тамбове і інш. На правах секцый БНГ дзейнічалі гурткі прафесараў, настаўнікаў, студэнтаў, правасл. духавенства. Адстойвала прынцып непадзельнасці Беларусі, патрабавала яе аўтаноміі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі. У ліп. 1917 удзельнічала ў з’ездзе бел. нац. арг-цый і партый у Мінску. Па ініцыятыве БНГ восенню 1917 у Маскве праведзены 11-ы і 2-і Усерас. з’езды бежанцаў-беларусаў. На выбарах ва Устаноўчы сход выстаўляла кандыдатаў па Магілёўскай выбарчай акрузе ў блоку з інш. бел. арг-цыямі, але поспеху не дасягнула. Удзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда 1917.

С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)